СЯРЭ́ДНІ МОЗГ,
аддзел галаўнога мозга, размешчаны паміж прамежкавым мозгам і вароліевым мостам. Складаецца з чатырохбугровага цела (падкоркавыя цэнтры зроку і слыху) і ножак мозга. Гал. ўтварэнні: цэнтр. шэрае рэчыва, чорная субстанцыя, чырв. ядро, ядры вокарухальнага і адводнага нерваў, рэтыкулярная фармацыя; цэнтры, якія рэгулююць тонус шкілетных мышцаў, стан сну і няспання і інш. Поласць С.м. — водаправод мозга, злучае III і IV жалудачкі мозга. Асн. эферэнтны шлях С.м. (перадае імпульсы ад нерв. цэнтраў да розных органаў) — рубраспінальны тракт, які забяспечвае павышэнне каардынацыі рухаў з боку мазжачка і С.м., іх адаптацыі да вестыбулярных, светлавых і гукавых уздзеянняў. Пры пашкоджанні чорнай субстанцыі ўзнікае дэфіцыт нейрамедыятара дафаміну (адна з прычын парушэнняў позы, рэгуляцыі рухаў, мышачнага тонусу — сімптомы паркінсанізму).
А.С.Леанцюк.
т. 15, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)